Надзея Габец – пераможца тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня»

12.06.2022

Зусім нядаўна да нас у Целяханы прыйшла вельмі прыемная навіна: былая вучаніца нашай школы, а цяпер малады рэжысёр і сцэнарыст тэлебачання Надзея Габец - сярод пераможцаў ХIV нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу «Тэлевяршыня». Яе творчы праект «Жывая спадчына» на тэлеканале «Беларусь 3» атрымаў самую высокую ўзнагароду ў намінацыі «Лепшая культурна-асветніцкая праграма краіны».

01

Мы, настаўнікі Целяханскай СШ, вельмі рады Надзінаму поспеху і віншуем яе з чарговай  “вяршыняй” у яе жыцці. Гэта знакавая падзея як для яе, так і для нас, яе землякоў.

Дзяўчына з рамантычным імем  Надзея – дачка паважанай у нашым пасёлку сям'і Габцаў. Тата Сяргей Уладзіміравіч усё сваё жыццё звязаў з прыродай і, нягледзячы на свой узрост,  працуе дырэктарам вядомага ўсім нам заказніка “Выганашчанскае”. Мама Надзі, Галіна Васільеўна, усё жыццё працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.

Надзі было тры гады, калі яны ўсёй сям’ёй з Белавежскай пушчы пераехалі ў Целяханы. І з той пары наш пасёлак стаў для дзяўчыны любімай малой радзімай.

Тут яна пайшла спачатку ў дзіцячы сад, а потым у школу. З першага і да адзінаццатага  класа Надзея брала сваю “вяршыню”: добра вучылася, на выдатна выконвала творчыя працы, прымала актыўны ўдзел у грамадскай дзейнасці класа і школы. Актыўнасць, адказнасць, мэтанакіраванасць, апантаннасць ідэямі, упэўненасць у сабе  і творчы падыход да любой справы – гэта асноўныя рысы яе характару. Ужо з восьмага класа з’явілася ў Надзеі  мара  - стаць журналістам.  Аднойчы, калі праводзіўся  тыдзень біялогіі ў школе, атрымалі вучні заданне ўзяць інтэрв’ю  ў галоўнага ўрача Целяханскай участковай бальніцы. Тры дзяўчыны, у тым ліку і Надзя , пайшлі ў бальніцу, каб выканаць гэтае даручэнне. Але самай смелай аказалася Надзея. Толькі яна асмелілася зайсці ў кабінет урача Амельянчыка Станіслава Іосіфвіча і паспяхова выканала заданне настаўніцы.

Ішлі гады,  і вось  Надзея -  выпускніца Целяханскай СШ, яна бярэ апошюю школьную “вяршыню”: атрымоўвае атэстат асобага абразца і залатую медаль. Перад ёй дарога ў дарослае жыццё. Пытанне куды пайсці перад дзяўчынай  не стаяла, бо Надзея не раставалася з марай стаць журналістам.

Паспяхова скончыўшы факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, Надзея Габец  ужо 15 гадоў працуе на беларускім телебачанні і пакарае новыя “вяршыні “ ў сваім жыцці.

Шаноўная наша Надзея, мы з задавальненнем глядзелі твой творчы праект “Телебарометр”, а цяпер з цікаўнасцю глядзім твае перадачы “Жывая спадчына” і ўдзячны табе за тое, што ты, ствараючы “жывую спадчыну”, захоўваеш нацыяналныя традыцыі і беларускую культуру.

Нам удвая прыемна, што твой праект высока ацанілі ў асяроддзі тэлевізіёншчыкаў. Ведаем, гэта вельмі крапатлівая праца.

Надзея, яшчэ раз віншуем цябе са значнай, яркай перамогай, жадаем творчых поспехаў і яшчэ многа новых “вяршынь” у тваім жыцці. 

Прыміце нашы віншаванні і вы , Сяргей Уладзіміравіч і Галіна Васільеўна. Ваша дачка – гэта, у першую чаргу, ваш гонар, яе поспех - гэта і ваш поспех таксама.

 Настаўніца рускай мовы
 і літаратуры Басалай Н.I.